13 СНЕЖНЯ МІКОЛА МАЛЯЎКА АДЗНАЧЫЦЬ СВОЙ 80 - ЦІ ГАДОВЫ ЮБІЛЕЙ.

Маляўка Мікалай Аляксандравіч (Мікола Маляўка) нарадзіўся 13 снежня 1941 г. у вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля школы-дзесяцігодкі працаваў у калгасе, на лесанарыхтоўках ў Карэліі.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Настаўнічаў у вясковых школах. Працаваў у нясвіжскай раённай газеце, на рэспубліканскім радыё і тэлебачанні, у часопісе “Вясёлка” (30 гадоў).

Піша для дарослых і дзяцей. Аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы.

Родная зямля над Нёманам – крыніца творчых задум пісьменніка. У сваіх кнігах ён апявае дар жыцця, дар міру, дар працы, дар сяброўства і кахання.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1992г.), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1997г.), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура” (2002г.), Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2012г.).

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992г.), медалём Францыска Скарыны (2007г.), медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі – за плённы ўнёсак у літаратуру.

Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі.

Жыве у Мінску.

"Я - беларус маленькі" (Мікола Маляўка)
Я – беларус маленькі,
Дарос ужо да школы.
Як і бацькі ,сумленны ,
Руплівы і вясёлы.
Я- беларус маленькі
З блакітнымі вачыма.
Хачу і я, каб лепей
Жыла мая Радзіма.
Я- беларус маленькі.
Люблю блакіт і сонца.
З Радзімай пасталею,
Радзімы – абаронца.
Я- беларус маленькі,
Адкрыты ўсім трывогам,
Ды стану на калені
Я толькі перад Богам.

"На гэтым - стаім!" (Мікола Маляўка)
Мы. баларусы, - простыя людзі.
Край свой і продкаў постаці любім.
Рады заўсёды добрым гасцям,
Рады, калі спрыяюць і нам.
Мы, беларусы, - дбайныя людзі.
Рукі - на плузе. Рукі - на склюдзе.
Граем-спяваем зноў жа як след,
Пояс аздобім - любуецца свет.
Мы, беларусы, - гордыя людзі.
З торбай па свеце белым не блудзім:
Лепей сканаць пры ганку свааім,
Чым жабраваць...
На гэтым стаім!
Мы, беларусы, - мужныя людзі.
Жыць у ярме ніколі не будзем,
Станем сцяной, плячо да пляча,
Супраць любога злога мяча.
Мы, беларусы, - божыя людзі.
Крыжык святы асвечвае грудзі,
Дома, у кожнай хаце - абраз,
Бог міласэрдны з намі. У нас.
Комментариев нет:
Отправить комментарий