среда, 21 февраля 2018 г.

“Не пакідайце ж мовы роднай…”

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Свята гэта, абвешчанае 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА, накіравана на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Зараз у свеце налічваецца каля 6 тысяч моў, і, па прагнозах спецыялістаў, недзе 40 % з іх у бліжэйшы час могуць знікнуць. Таму невыпадкова, што гучыць заклік зберагчы кожную мову як увасабленне ўнікальнага светабачання, як жывую і найкаштоўнейшую спадчыну народаў.

«Родная мова, – як зазначыў у 2009 годзе генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіхіра Мацуура, – неацэнна для кожнага з нас. На роднай мове мы гаворым нашы першыя словы і найлепш выказваем свае думкі. Гэта тая аснова, на якой усе людзі будуюць сваю асобу з моманту свайго першага ўздыху, і яна тое, што арыентуе нас на працягу ўсяго жыцця. Яна з’яўляецца спосабам, з дапамогай якога можна навучыць паважаць сябе, сваю гісторыю, сваю культуру і галоўнае – іншых людзей з усімі іх асаблівасцямі».

21 лютага у Казлоўскай сельскай бібліятэцы у атмасферы добразычлівасці прайшла размова пра гісторыю ўзнікнення Дня роднай мовы, пра неабходнасць яе захавання.  Для чытачоў быў праведзены агляд кніжнай выставы “Родная мова - цудоўная мова”, дзе дзеці пазнаёміліся з кнігамі беларускіх пісьменнікаў, якія ёсць у бібліятэчным фондзе. Пасля былі праведзены гульні “Назаві слова”, “Складзі прыказку”; рабяты спаборнічалі ў конкурсах: “Казачная ліса”, “Добры гаспадар”, “Прылады працы”, чыталі вершы на роднай мове.
Падчас апытання “Якое беларускае слова вы найбольш часта ўжываеце ў паўсядзённым жыцці?” ў лідэры выйшла слова “Маці”.

Кожны прысутны падчас мерапрыемства меў магчымасць узгадаць самае прыгожае, на яго думку, слова на беларускай мове і напісаць яго на пялёстку рамонка.  Былі запісаны такія словы як: маці, Радзіма, прыгажосць, тата…

Свята запомнілася ўсім. Кожны зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.

Хацелася б закончыць словамі Змітрака Бядулі: “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму - на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.

 Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць - калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны - гэта родная мова”.


Дык давайце ж будзем размаўляць па-беларуску! І не толькі 21 лютага, а заўжды!







Не пакідайце ж мовы роднай…
Сцэнарый мерапрыемства да дня беларускай мовы.

Задачы: праверыць веды чытачоў па роднай мове, выклікаць цікавасць да вывучэння беларускага фальклору;
стварыць умовы для выхавання любові і павагі да культурных традыцый беларускага народа.

Вядучы: Добры дзень, сябры! Сёння ў нас свята! Свята роднай мовы! Мы з вамі ўспомнім загадкі і казкі, прымаўкі і прыказкі, вершы на роднай мове і самыя прыгожыя беларускія словы.

Першы конкурс называецца «Прылады працы»
Кожная каманда атрымлівае карткі з намаляванымі прыладамі працы. Вы павінны хутка і правільна паказаць адпаведны малюнак-адгадку на маю загадку. Каманда, якая адгадае найбольш загадак, і будзе пераможцам.

Сам драўляны, а галава жалезная. (Малаток.)
Дровы нарыхтоўвае працаўніца дбайная,
галава сталёвая, тулава — драўлянае. (Сякера.)
Есці век яна не просіць,
хоць зубоў і многа мае,
як працуе — сыпле проса,
весела спявае. (Піла.)
Ручка ёсць, а не граблі, зямлю рые, а не барана. (Рыдлёўка.)
Маленькі, гарбаценькі, усё поле абскача. (Серп.)
Ходзіць, скача па пакоі дзед з доўгаю барадою, як няма чаго рабіць, у куце тады стаіць. (Венік.)

Журы адзначае  правільныя адказы і вызначае пераможцу.

Вядучы: Наступны конкурс «Добры гаспадар».

Ён прысвечаны загадкам. Кожнаму  па чарзе загадваецца загадка. Калі адказу няма, то адгадвае другі.

1.Адкіну палена, адкіну другое, як і скіну крывое — выведу жывое. (Распрагаць каня.)
2.Як ляжыць, то меньшая за кацяня, а як паднімецца, то большая за каня. (Дуга.)
3.Чатыры колы летам бягуць, дзве дубовыя паненкі зімой слізгаюць, a іх гаспадар — адзін і ўзімку, і ўлетку. (Калёсы, сані, конь.)
4.Стальны пёс, у зямлю ўрос. (Барана.)
5.Калода — калодзішча, балота — балоцішча, воўк утапіўся, два зайцы цягнуць. (Калодзеж, вядро, рукі.)
6.Сівая карова праз дарогу пройдзе, а белая засядзе. (Сыроватка, цадзілка, тварог.)

Журы падводзіць вынікі, кожны правільны адказ ацэньваецца 1 балам.

Вядучы: Багацце і непаўторнасць нашай мовы шмат у чым вызначаюць прымаўкі і прыказкі. Яны дапамагаюць адчуць яе адметнасць, вобразнасць і хараство.
Наш наступны конкурс называецца «Працоўны дзень»
Каманды атрымліваюць набор картак. На адных змешчаны пачатак прыказак, на другіх — іх заканчэнне. За 2 хвіліны каманда павінна падабраць карткі так, каб можна было прачытаць тэкст цалкам.

Каб рыбу есці, трэба у ваду залезці.
У чужым воку і парушынку ўгледіш, а ў сваім і калоды не пабачыш.
Навуку за плячыма не носяць.
Не адкладвай на заутра тое, што паспееш... (зрабіць сёння).
Летні дзень... (год корміць).
Колас да коласа... (будзе сноп).
Хто працуе... (таму і шанцуе).
Слова як птушка: выпусціў – не вернеш.
Няма смачнейшай вадзіцы, як у роднай крыніцы.
Свая хатка — як родная матка.
У гасцях добра, а дома лепш.
Чалавек без Радзімы, што салавей без песні.
Як мы да людзей, так і людзі да нас.
Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі.
Для ўсякай птушачкі свае зняздо мілае.

Журы аб'яўляе вынікі конкурсу.

Вядучы. А зараз я  правяду апытанне “Якое беларускае слова вы найбольш часта ўжываеце ў паўсядзённым жыцці”
А цяпер я папрашу кожнага з вас запісаць мне на пялёстках кветкі самае прыгожае, на вашу думку, слова на беларускай мове.

Журы аб'яўляе вынікі .

Вядучы: Наступна  конкурс «Казачная ліса»
 Вам патрэбна назваць казкі, у якіх героем з'яўляецца лісіца.
«Воўк, лісіца і аўца», «Мужык, воўк і ліса», «Лісіца-хітрыца», «Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць», «Селянін, мядзведзь і лісіца», «Зайкава хатка», «Як кот звяроў напалохаў», «Коцік, пеўнік і лісіца», «Як лісіца ваўка судзіла»...

Вядучы: Апошні наш конкурс — «Гучы роднае слова» ( конкурс вершаў на беларускай мове)

У канцы конкурсу журы падводзіць вынікі, аб'яўляе пераможцу.


Падрыхтавала: В.І.Пятрова

Комментариев нет:

Отправить комментарий

  В копилку библиотеки. Библиотекарь Козловской сельской библиотеки приняла участие в онлайн акциях и викторинах, организованных Российским...