Спадчына (Янка Купала)
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.
Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.
І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.
Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.
Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя...
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
********
Я - мужык Беларус. (ЯНКА КУПАЛА)
Я мужык-беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы.
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю, —
Мушу быць глух і нем;
Хоць свет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем.
З цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.
Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць;
Загудзеў мой тапор, —
Як блін, поле ляжыць.
Сошку з вышак сцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў, —
Лес на пахань зрабіў!
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў...
Пан пшанічкі тачок —
Люба глянуць — наклаў.
Дык вось, людцы, які
Я мужык-беларус!
Пад ілбом сінякі,
Цёмен сам, белы вус.
Эй, каб цёмен не быў,
Чытаць кніжкі умеў, —
Я б і долю здабыў,
Я б і песенькі пеў!
Я б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.
********
ЯКУБ КОЛАС
Родныя вобразы
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя смутнай красы?
Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Ззяючы мілай красой.
Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гул шчаслівы,
Песня магутных дубоў...
Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песьні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.
*******
Ручэй (Якуб Колас)
Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць і грыміць
Срэбразвонны ручэй.
Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.
Абступаюць яго
Чараты, асака,
Падыходзіць мурог
Да яго здаляка.
Часам зорка ўначы
На яго кіне зрок,
І хмурынка не раз
Зазірне ў ручаёк.
І схіляе трава
Над ім пасмы-брыжы,
А ён, жэўжык-пястун,
Гучным смехам дрыжыць.
То заскочыць у гай,
То курган абаўе,
Дзе сярдзіта бубніць,
Дзе лагодна пяе.
Люба слухаць той спеў,
Несціханы, густы,
І пад песні яго
Адпачынеш і ты.
*******
О, край родны, край прыгожы! (Якуб Колас)
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дае бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
У Казлоўскай сельскай бібліятэцы аформлена кніжная выстава-агляд "Дзве яркія зоркі: Купала і Колас"
Прыходзьце, бярыце, чытайце!